«Менавіта на стадыёне ўсвядоміў, што я — аршанец»: журналіст Арцём Сізінцаў выпусціў кнігу пра футбол
Прэзентацыя кнігі Арцёма Сізінцава «На «Старт» і ў «Тэмпе»» прайшла 1 чэрвеня ў Беларускім доме ў Вільні. Мы пагаварылі з яе аўтарам, у чым адметнасць футбола на Аршаншчыне, чаму ўзнікла ідэя напісаць кнігу такой вузкай тэматыкі, што гэтаму паспрыяла і ці знайшлося ў ёй месца жанчынам.

Журналіст Арцём Сізінцаў падчас прэзентацыі сваёй кнігі ў Вільні. 1 чэрвеня 2025 года. Фота: аўтара
Даведка: Арцём Сізінцаў — журналіст-фрылансер, даследчык футбола, нарадзіўся ў Оршы. Скончыў Інстытут журналістыкі БДУ ў Мінску і магістратуру беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Стаж у журналістыцы — больш за 20 гадоў. Піша для сайта orsha.eu, супрацоўнічаў з «Прессболом», «Радыё Рацыя» і «Радыё Свабода». Сваёй кнігай «На «Старт» і ў «Тэмпе»» ў тым ліку імкнецца ўвесці ва ўжытак аўтэнтычнае беларускае словазлучэнне «ножны шпурляк» (як сінонім слова «футбол»).
Гульня, карэнні якой вядуць у гісторыю і культуру розных народаў
— Як узнікла ідэя вашай кнігі?
— Напісанне кнігі пра ножны шпурляк стала для мяне цалкам лагічнай падзеяй, бо ўсё маё жыццё звязанае з ім. Я захапляюся гульнёй з маленства, шмат чытаю пра яго. На працягу многіх гадоў займаюся статыстыкай, збіраю біяграфічныя звесткі пра гульцоў і агулам — пра футбол Аршаншчыны.
Разумею, што кніга атрымалася вузкапрофільнай і, можа, не для ўсіх. Але я спрабую паказваць і падаваць тэму такім чынам, каб людзі пабачылі, што ножны шпурляк агулам — гэта не толькі гульня і не толькі гаворка пра футбол сёння-заўтра. Ён ахоплівае розныя сацыяльныя пласты грамадства і мае глыбокія карані ў гісторыі, культуры розных народаў.
— Вы займаліся аналізам, даследаваннем. А ці гулялі самі ў футбол?
— Безумоўна, гуляў у кампаніі з сябрамі і ў таварыскіх камандах у розных краінах, але толькі на аматарскім узроўні. Ніколі не займаўся прафесійна. Між іншым быў адным з арганізатараў першага турніру дваровых каманд на Аршаншчыне. Гэты турнір задумваўся для камандаў з Воршы, але ў выніку ён ахапіў увесь рэгіён, да нас прыязджалі з навакольных вёсак.
Цяпер я гуляю значна радзей. Але ўсё адно люблю гэты від спорту ва ўсіх вымярэннях. То бок як журналіст, як гулец, як статыстык.
— Гэта ваша першая кніга. Чаму вы пачалі менавіта з футбола, а не, напрыклад, з вершаў, якія вы, як я дакладна ведаю, пішаце?
— Можна было выдаваць зборнік вершаў, нейкіх назіранняў, падарожных нататак, здымкаў. Я многімі рэчамі цікаўлюся. Вершы складаю таксама розныя — ад хуліганскіх да тэм пра каханне. Праўда, часцей яны пісаліся як прысвячэнне пэўным людзям. То бок гэта не нейкая накіраваная дзейнасць. І паэтам самога сябе я не назаву.
Вершы пішу абсалютна не сістэматычна. А вось пра спорт я думаю штодня: пра яго пішу, гляджу гульні, перакладаю тэксты з розных моў, размаўляю з брытанскімі, амерыканскімі, бразільскімі гісторыкамі пра спорт. У гэтай нішы я паказваю і тое, што я магу, і тое, што мяне найбольш вабіць.

Кнігі падчас прэзентацыі. Фота: аўтара
Датычна ножнага шпурляка на Аршаншчыне: яшчэ ў 8–9 гадоў, прыходзячы на трыбуну, стаў цікавіцца, як гулялі раней. Вядома, людзі не маглі сказаць канкрэтыкі, бо хто ўжо што там памятаў. Тыя, хто бачыў гульні ў 70–80‑я гады, яшчэ маглі ўзгадаць нейкія адметныя баталіі, але ў тых расповедах не было ніякай сістэмы.
Пра табліцы, схемы, поўны склад каманд і казаць не даводзілася. Ніхто такіх звестак не збіраў. І я зразумеў, што калі я не напішу гэтую кнігу, гэтага ніхто не зробіць.
Шлях у чатырнаццаць гадоў
— Колькі гадоў вы займаліся зборам матэрыялу для кнігі і яе напісаннем?
— Чатырнаццаць гадоў таму я пачаў збіраць пэўныя табліцы, назіранні, статыстычныя выкладкі. Спачатку гэта былі проста такія адасобленыя артыкулы, фотаздымкі, знойдзеныя мной у архівах, у газетах ці перададзеныя мне ад ветэранаў футбола. Праз пару гадоў захацелася гэтым падзяліцца з людзьмі. Тады быў папулярны LiveJournal, «ВКонтакте» і Facebook. Туды выкладваў час ад часу нейкія звесткі, але гэта не было такой сістэматычнай працай.
Пазней з’явіўся Telegram-канал «Радыё Аршыца», дзе мы з сябрамі пачалі распавядаць нейкія гістарычныя моманты. Напрыклад, узгадвалі, дзе нашая каманда згуляла 60 гадоў таму.
Паступова прыйшло разуменне, што людзі на гэтыя допісы ў інтэрнэце хутка забываюцца. А калі сабраць матэрыялы ў кнігу, то чалавек зможа ўявіць сабе гісторыю ножнага шпурляка на Аршаншчыне цалкам, параўнаць, што адбывалася ў розныя перыяды.
Кніга для зручнасці падзеленая на падзагалоўкі і раздзелы, з якіх вынікае сутнасць кожнага пяцігоддзя для каманды. І адпаведна ў кнізе праведзеная сістэматызацыя, што агулам адбывалася, хто гуляў за каманду, хто аўтар галоў, хто бараніў браму і г. д.
Напрыклад, хтосьці даведаецца, што ў сённяшняга футбольнага клуба «Орша» дзесяцігоддзямі была іншая назва — «Старт». Асабіста я вельмі хачу, каб спартоўцы вярнулі сваё гістарычнае найменне.

Журналіст Арцём Сізінцаў і галоўны рэдактар orsha.eu Ігар Казмярчак падчас прэзентацыі кнігі ў Вільні. 1 чэрвеня 2025 года. Фота: аўтара
— Зараз усё часцей можна пабачыць дзяўчынак у аматарскіх камандах. А ці прымалі жанчын у футол на Аршаншчыне?
— У сваёй кнізе я прысвяціў цэлы раздзел жаночаму ножнаму шпурляку. Паводле маіх звестак, гісторыю беларускага жаночага футбола ніхто не пісаў. Я бачыў толькі асобныя артыкулы — і тое спрэс пра сучаснасць — у часопісах, якія выдае Федэрацыя футбола.
Гэты раздзел вельмі важны для мяне асабіста, бо трэба паказаць, што не толькі мужчыны гуляюць у гэтым відзе спорту. І агулам процьма заўзятараў — гэта жанчыны. Я рэгулярна бываю на стадыёнах у розных краінах, таму вельмі часта назіраю дзяўчын, якія маюць абанементы на наведванне матчаў. Яны не суправаджаюць мужа, хлопца ці дзяцей на стадыён, а прыходзяць туды менавіта таму, што ім самім падабаецца гульня. Гэта вельмі важна паказваць і падкрэсліваць.
— Можна разлічваць, што сярод вашых чытачоў таксама будзе шмат жанчын?
— Мая кніга можа зацікавіць як мужчын, так і жанчын. У ёй шмат не толькі статыстыкі, але і розных смешных гісторый. Напрыклад, як аднойчы аршанскія гульцы ў 1960‑х прыехалі на першынства БССР у Лагойск, а там нават разметкі поля няма. Афіцыйны матч, выходзяць суддзі, а як гуляць? Аршанцам раяць: знайдзіце зараз на хоць-якім гародзе побач крэйду і правядзіце ёй патрэбныя лініі.
Упэўнены, кожны зможа знайсці на гэтых старонках нешта прыцягальнае для сябе: біяграфіі пэўных шпуляроў (футбалістаў), гісторыю клуба і г. д. Гэта як сам шпурляк: што заўгодна можа выклікаць хімічную рэакцыю, якая абуджае ў чалавеку любоў да гульні. Звычайна я бачу, як людзі прыходзяць на стадыён, і ім футбол або адразу не падабаецца, і яны перастаюць хадзіць, альбо ён імгненна зацягвае, і яны ўжо ніколі гэтага не забываюць.

Журналіст Арцём Сізінцаў падчас прэзентацыі сваёй кнігі ў Вільні. 1 чэрвеня 2025 года. Фота: аўтара
— Вы памятаеце, як упершыню прыйшлі на стадыён?
— Так, першы свядомы прыход адбыўся ў жніўні 1999 года. Я і да гэтага проста неймаверна любіў футбол. А тут мы з дзядзькам выбраліся на гульню аршанскага «Старта» (тады каманда называлася проста «Орша») супраць «Палесся» з Козінкаў Мазырскага раёна. І я быў настолькі ўражаны атмасферай на трыбунах, тым, як людзі падтрымлівалі сваіх! Там я адчуў, што я не проста беларус, жыхар гэтай краіны, а я — менавіта аршанец. Прыйшло разуменне, што на полі — нашая каманда, і яе трэба падтрымліваць.
Як кажуць, карані ўсяго, што адбываецца з намі зараз, ідуць з дзяцінства. Са мной менавіта так і атрымалася. З таго моманту я стаў сапраўдным заўзятарам, пастаянна хаджу на гульні любімых каманд.
Як атрымліваць кайф ад футбола, застаючыся журналістам? Гутарка са Змітром Міцкевічам
Людзі па-рознаму ставяцца да ножнага шпурляка. Камусьці падабаюцца прыгожыя гісторыі каманд. Напрыклад, як з поўнага заняпаду зборная выходзіць на неймаверны ўздым. Іншых больш вабіць архітэктура стадыёнаў. А ёсць і тыя, для каго футбол становіцца стартавым пунктам для турызму. Яны ідуць на трыбуну, 90 хвілін назіраюць за гульнёй, а потым бавяць час у музеях, карцінных галерэях, на шпацырах у новых для сябе гарадах. То бок што заўгодна можа выступіць нейкай такой падставай для далейшага інтарэсу.
