• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адміністрацыя Трампа выставіла на продаж будынак штаб-кватэры «Голасу Амерыкі»

    Калі будынак будзе прададзены, супрацоўнікі і падрадчыкі «Голасу Амерыкі» могуць застацца без памяшканя, нават калі ім удасца аспрэчыць скарачэнне фінансавання ў судзе або ў Кангрэсе.

    Адміністрацыя Трампа выставіла на продаж будынак штаб-кватэры «Голасу Амерыкі»

    Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа выставіла на продаж будынак штаб-кватэры радыёстанцыі «Голас Амерыкі» ў Вашынгтоне, які быў унесены ў спіс аб’ектаў з «паскоранай ліквідацыяй» у рамках намаганняў па скарачэнні ўплыву ўрада на рынак нерухомасці. Пра гэта піша Bloomberg.

    Штаб-кватэра «Голасу Амерыкі», афіцыйна вядомая як Федэральны будынак імя Уілбура Коэна, размешчана на поўдзень ад Нацыянальнай алеі і за два кварталы ад Капітолія ЗША. Гістарычны будынак плошчай адзін мільён квадратных футаў, пабудаваны для Адміністрацыі сацыяльнага забеспячэння, таксама змяшчае офісы Агенцтва ЗША па глабальных медыях (USAGM), Міністэрства аховы здароўя і сацыяльных службаў.

    Магчымы продаж адбываецца на фоне намаганняў Дональда Трампа закрыць «Голас Амерыкі» і падобныя сеткі, у тым ліку «Радыё Свабодная Еўропа», «Радыё Свабодная Азія», Бюро вяшчання на Кубу і Фонд адкрытых тэхналогій. Гэтая ініцыятыва з’яўляецца часткай больш шырокага плана мільярдэра і дарадцы Трампа Ілона Маска па скарачэнні памераў федэральнага ўрада.

    Як паведамляе Bloomberg, продаж будынка «Голасу Амерыкі» можа пакінуць супрацоўнікаў і падрадчыкаў дзяржаўных міжнародных навінавых сетак без памяшканняў — нават калі ім удасца дамагчыся адмены скарачэння фінансавання, уведзенага Трампам, у Кангрэсе або праз суд.

    «Голас Амерыкі» можа стаць рэтранслятарам пратрампаўскага СМІ

    Нагадаем, 14 сакавіка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выдаў распараджэнне аб скарачэнні функцый і колькасці супрацоўнікаў сямі федэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва ЗША па глабальных медыях (USAGM), якое кіруе радыёстанцыямі «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода», «Голас Амерыкі» і «Радыё Свабодная Азія».

    «Голас Амерыкі» фактычна спыніў сваю дзейнасць, але арганізацыя не была закрыта. Кіраўніцтва агенцтва USAGM абвясціла, што агенцтва будзе «рэарганізавана» і скарочана ў памерах.

    22 сакавіка стала вядома, што журналісты «Голасу Амерыкі» падалі ў суд на адміністрацыю Дональда Трампа. 29 сакавіка федэральны суд ЗША часова прыпыніў спробы адміністрацыі Трампа ліквідаваць медыякампанію «Голас Амерыкі».

    22 красавіка федэральны суд у Вашынгтоне пастанавіў, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа павінна аднавіць працу «Голаса Амерыкі» і яго супрацоўнікаў, а таксама некалькі іншых інфармацыйных агенцтваў, якія знаходзяцца пад апекай USAGM — «Радыё Свабодная Азія» і Блізкаўсходняй вяшчальніцкай сеткі (MBN).

    У пятніцу ўвечары, 2 мая, супрацоўнікам «Голасу Амерыкі», якія знаходзіліся ў вымушаным адпачынку, аднавілі доступ да ўнутраных сетак. Супрацоўнікі атрымалі электронны ліст ад кіраўнікоў USAGM, у якім гаварылася, што ў бліжэйшыя дні ім будуць прадастаўлены «рэкамендацыі па наступных кроках».

    3 траўня федэральны апеляцыйны суд у ЗША заблакаваў рашэнне, якое патрабавала ад адміністрацыі Трампа аднавіць на працы больш за 1000 супрацоўнікаў «Голасу Амерыкі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
    OSZAR »